Арганізатары ўборак «Зробім!» распавядаюць чаму важна прымаць удзел у такога кшталту акцыях

Да глабальнай беларускай уборкі «Зробім!» засталося не так шмат часу. 9 красавіка ў розных населеных пунктах нашай краіны дабраахвотнікі выйдуць прыбіраць смецце і стыхійныя звалкі, якія ўтварыліся ў месцах масавага адпачынку людзей – ля берагоў рэк і азёр, у лясах, а таксама побач з населенымі пунктамі. Арганізацыйны камітэт акцыі вырашыў даведацца ў мясцовых арганізатараў, чаму ім цікава прымаць удзел у «Зробім!».

 

Аляксандр Дарашэвіч, Астравец: «Калі даведаліся пра акцыю «Зробім!» стала лягчэй размаўляць з людзьмі...»

«Жыццё на прыродзе не ўяўляем без таго, каб наваколле заставалася чыстым. Мы самі ладзім уборкі лесу і заўжды прапануем далучыцца да нас людзям. Калі даведаліся пра акцыю «Зробім!» стала лягчэй размаўляць з людзьмі, так як уборка ўжо не выглядала, як наша ініцыятыва.

Непрыкметна ў жыццё сельскіх жыхароў увайшлі рэчы, якія марудна распадаюцца ў прыродзе, напрыклад, пластык. Аднак, люўдзі як выкідалі яго ў лес, так і працягваюць рабіць. І каб сітуацыя справілася, мала тлумачыць праз наглядную агітацыю, як жыхарам, так і навучэнцам ва ўстановах адукацыі.

Калі людзі пачынаюць прыбіраць смецце самі, яны зусім па-іншаму ставяцца пасля да спажывецкіх звычак і ў іх жыццё непрыкметна ўваходзяць чысціня і душэўны спакой».

 

Ганна Морза, Лунінец: «...хто, калі не я»

«Ужо амаль 9 год, як я не жыву ў родным горадзе, але мне хацелася б, каб ён быў чыстым, светлым і такім жа ўтульным, якім быў для мяне ў дзяцінстве.

Аднак, на жаль, у плане нейкіх акцый горад даволі пасіўны. Нягледзячы на тое, што ўборкі юудуць праходзіць у Лунінцы ўжо ў трэці раз, добра, калі прыйдзе хаця б тры чалавекі. Памятаю, як у 2013 годзе пра шборку пісалі нават мясцовыя СМІ, але прыйшло якраз тры жыхары, у тым ліку і я.

Праблема тут не столькі са смеццем, як са светапоглядам людзей і моладзі ў прыватнасці. Прыбіраць смецце тут не крута... Крута – ганяць вечарам на аўто па вуліцах гораду туды-сюды. Тут людзі жывуць крыху ў іншай рэальнасці, дзе клопат пра наваколле – гэта прымусовыя суботнікі, паказныя пасадкі дрэваў.

Складана данесці да жыхароў, што чыстае навакольнае асяроддзе патрэбна ім жа самім, што гэта вялікая справа. Але ў той жа час я ведаю, што агітацыя не дась патрэбных вынікаў. Любому чалавеку патрэбна глеба для роздумаў на гэты конт, каб зразумець - «за» ці «супраць» ён такіх уборак. І, як мне падаецца, найлепшай «глебай» будзе ўласны прыклад, твая актыўнасць. Каб хтосьці з боку, у пошуках адказу «навошта ты гэта робіш», пашукаў інфармацыю ў сетцы, напрыклад, і зрабіў для сябе высновы.

Маім прыкладам і героям заўсёды была Юля Каляда – гродненскі актывіст. Яшчэ ў 2011 годзе, падаецца, з Юляй я ўдзельнічала ў некалькіх акцыях «Смецця больш няма», пазней я загарэлася правесці ўборкі ў Вільнюсе, дзе навучаюся, і затыў у родным горадзе».

 

Наталля Блышчык, Мінск, карпаратыўная ўборка сайта ecolog.by: «Прымаць удзел ва  ўборках можна, трэба і карысна!»

«Мы вырашылі арганізаваць уборку ўпершыню на такім узроўні. Нам спадабалася ідэя зрабіць штосьці карыснае і, у той жа час гэта нагода згуртаваць калектыў і правесці час разам. Мы эколагі і для многіх з нас гэта не толькі прафесія, але і стыль жыцця.

Цвёрдае рашэнне арганізаваць уборку я прыняла, калі праходзіла пра аднаму з лесапаркаў у Мінску. Ля яго даволі шмат гмахаў, па сцяжынкам гуляюць мамы з каляскамі, а вакол валяецца смецце. Асабліва яго шмат пад вокнамі дамоў. Мы вырашылі распавесці пра ўборку мясцовым жыхарам з  надзеяй на тое, што яны звернуць увагу на гэту праблему і стануць больш беражліва адносіцца да свайго ўчастачка зямлі.

У маім двары арганізаваны раздзельны збор смецця, для гэтай справы ўсталяваны кантэйнеры і падтрымліваецца чысціня, скардзіцца не даводзіцца. А вось зялёныя зоны часам пакідаюць жадаць лепшага: пластыкавыя бутэлькі, пакеты, рэшткі вячэрніх пасядзелак – псуюць карціну. Што можам, прыбіраем сваімі сіламі, астатняе прыбіраецца службамі ЖКГ.

Аднак, прымаць удзел ва  ўборках можна, трэба і карысна! Калі ты чалавек, які і без глабальных акцый мае добрыя звычкі эканоміі рэсурсаў і раздзельнага збору адходаў, твае дзеянні і вопыт дапамогуць прыцягнуць да гэтай справы і іншых людзей. Калі ж ты чалавек, які ніколі не задумваўся пра праблему смецця – такая ўборка можа стать шокавай тэрапіяй, калі паглядзіш на горы сабранага смецця».

 

Дзяніс Кіцель, Маларыта: «...мне важна, каб прырода была асобна ад смецця»

«Мы будзем прыбіраць бераг возера Ваенае ў маім родным горадзе Маларыта. Тут я нарадзіўся і мне важна, каб прырода была асобна ад смецця. Тым больш, на гэтым возеры за апошнія 2 гады знайшлі сабе прытулак 6 жывелін з Чырвонай кнігі (4 страказы і 2 птушкі). Возера папулярнае ў рыбакоў і адпачываючых, сюды прыходзяць мамы з дзеткамі карміць качак і лебедзяў.

Напэўна праблемы нашай сучаснасці такія, што мы думаем, што ёсць нехта, хто будзе за намі прыбіраць, а таму не трэба несці сваё смецце да сметніцы. Мясцовыя школы раз на год прыбіраюць возера, але ад гэтага смецця менш не становіцца.

З гэтай нагоды я буду даваць лекцыю ў школе пра важнасць нашага возера і пра тое, якая зараз экалагічная сітуацыя там. Спадзяюся, нехта задумаецца і данясе ўсе ж такі свае паперкі да кантэйнера.

А тым, хто вагаецца ці брацца за ўборку, магу дадаць, што ініцыятыўнасць - добрая якасць, у жыцці спатрэбіцца! Дык чаму ж яе не развіваць у такіх акцыях?!».

 

А чаму вы прымаеце ўдзел у акцыі "Зробім!"? Адказы дасылайце ў сацсетках: Вконтакте, Facebook, Twitter.