Валерыя ўжо не першы год актыўна ўдзельнічае ў прыборках несанкцыянаваных звалак. Патрапіўшы на адну са сваіх першых акцый «Зробім!» яна вырашыла, што прыбірацца разам — гэта лёгка і выдатны досвед для людзей аб'ядноўвацца перад агульнай праблемай.

— Што для цябе акцыя «Зробім!»?
— Акцыя «Зробім!» — гэта магчымасць змяніць свет да лепшага тут і цяпер, гэта магчымасць адчуць сваю ўласную адказнасьць за гэты свет, пачаць з сябе саміх, не чакаючы, калі дзяржава ці нехта іншы пачне вырашаць нашыя агульныя праблемы. Бо можна не дачакацца.
Між іншым, акцыя «Зробім!» — гэта нешта зусім нескладанае, што можна ўжо зараз зрабіць для сур’ёзнай праблемы. Шмат чаго ў свеце змяніць значна складаней — людзі дзесяцігоддзямі шукаюць рашэнняў. Выйсці і прыбрацца — гэта ж лёгка! Гэта тая малая справа, з якой пачынаецца шлях да большага, з якой пачынаеш бачыць наступныя крокі.
— Калі ты першы раз прыняла ўдзел?
— Першы раз на ўборку «Зробім!» я прыйшла ў верасні 2014 года. Суботнім вечарам пабачыла абвестку ў Facebook, што наступнай раніцай плануецца акцыя ў Зялёным. Нікога не ведала з арганізатараў, і кампаніі адпаведнай, каб з сабой на такую справу паклікакаць, на той час не было. Але падумала, што ідэя выдатная і мне нічога не замінае пайсці. Тым больш што раней бывала ў Зялёным з сябрамі і бачыла, які там жах, колькі смецця паўсюль. Раніцай села на электрычку і паехала ў Зялёнае. Там ужо пазнаёмілася з людзьмі, што ладзяць экалягічны рух у Беларусі. З таго часу стараюся не прапускаць такія прыбіранні і удзельнічаць у іншых акцыях па магчымасьці.

— Што табе найбольш падабаецца ў «Зробім!»?
— У акцыі падабаецца ідэя, што шмат чаго можна дасягнуць РАЗАМ. Часцей за ўсё, рабіць РАЗАМ — гэта адзіны шлях. Гэта важны досвед для чалавека і нацыі. Вельмі простая, прыгожая ідэя, здольная ўсё змяніць, да якой мы яшчэ не прызвычаіліся.
Падабаецца, што людзі прыходзяць на ўборкі з уласнай ініцыатывы, не таму што нехта загадаў ці прымысіў, а таму што недзе ўнутры ёсць жаданне прыйсці, зрабіць.
Падабаецца, што робіш нешта канкрэтнае, што адразу ёсць адчувальны вынік. Што можна адразу візуальна ўбачыць «да» і «пасля».
Падабаецца, што рухаешся, бавіш час на свежым паветры.
Падабаецца, што падчас акцый сустракаеш светлых людзей, знаходзіш сяброў —аднадумцаў, разумееш, што ты далёка не адзін — гэта самае прыемнае. Неяк чытала меркаванне псіхолягаў, што валанцёрская работа — гэта добрыя лекі ад адзіноты, дэпрэсіі і выдатны адказ на пошукі сябе і сэнсу жыцьця. І напэўна, я пагаджуся.
— Чаго б хацелася дасягнуць праз акцыю?
— Па-першае, чысціні! Каб неяк выйшла ўся краіна і стала чыста не толькі у цэнтры Мінска, а паўсюль. Каб людзі, што смецяць, нешта для сябе зразумелі і больш так не рабілі.
Па-другое, каб кожны з нас адчуў уласную адказнасьць за тое, што адбываецца ў краіне і свеце, каб мы пересталі чакаць, што нехта за нас усё вырашыць, каб паверылі ў сябе, у грамадства.

— Што цябе найбольш уразіла ў якой-небудзь уборцы «Зробім!»?
— З непрыемнага — ўразіла колькасьць смецця ў месцах адпачынку, пікнікоў. Уражвае, што чалавек можа пакінуць пасля сябе столькі адходаў прама там, дзе адпачывае. Гэта як, снедаючы ў ложку, пакінуць хлебныя крошкі і апельсінавыя коркі на прасціне, а наступнай ноччу так і спаць там далей.
З прыемнага, уражвае, наколькі папулярнай стала акцыя за некалькі год. У мой першы раз мы прыбіраліся зусім невялічкай кампаніяй, а зараз акцыя збірае тысячы, дзесяткі тысяч людзей па ўсёй краіне. Гэта неімаверна кранае.