Маніторынг смецця: што гэта і навошта

За вакном усталявалася цёплае і сонечнае надвор'е, і ў галаве ўсё часцей узнікаюць думкі: «А ці не падацца на любімую палянку ў лес на першы вясенні пікнік?». І калі надвор'е сапраўды ўжо дазваляе пайсці ў імправізаваны паход, то стан наваколля пасля сыходу снега, на жаль, засмучае. Яшчэ з асенняга сезону на берагах рэк і ў лясных масівах засталіся навалы смецця ад тых, хто тут «культурна» адпачываў, а таксама ад уласнікаў садова-дачных участкаў. Аднак, ніхто не ведае ні дакладную колькасць несанкцыянаваных звалак, ні іх месца размяшчэння. Таму арганізацыйны камітэт акцыі «Зробім!» заклікае кожнага падключыцца да маніторынгу «брудных» месцаў, якія можна будзе прыбраць на глабальнай беларускай ўборцы 9 красавіка 2016 года.

Акцыя «Зробім!» — гэта частка міжнароднага руху «Let's do it!», які зарадзіўся ў Эстоніі ў 2008 годзе. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі гэту ідэю падхапілі амаль адразу, развівалася акцыя выключна на індывідуальных актывісткіх уборках, нескаардынаваных паміж сабой. У 2012 годзе шэраг экалагічных арганізацый і ўстаноў вырашылі аб'яднаць свае і валанцёрскія намаганні ў падрыхтоўцы і правядзенні ўборак «Зробім!».

Арганізацыйны камітэт, у які сёння ўваходзяць установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў», таварыства «Зялёная сетка», фонд «Інтэракцыя», грамадская арганізацыя «Мінскае роварнае таварыства» і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўзялі на сябе абавязкі каардынацыі валанцёрскіх кропак, пошук партнёраў і спонсараў ды іншую працу. Але каб паспяхова правесці ўборку і дасягненнуць яе глабальных мэт у рамках «Зробім!», неабходна ведаць тыя самыя праблемныя месцы — «што» і «дзе» прыбіраць, а таксама колькі на гэта трэба інвентару і людзей.

З гэтай прычыны, улічваючы, што да акцыі засталося не так шмат часу, аргкамітэт заклікае кожнага, хто не абыякавы да ідэі руху «Let's do it!» і хоча зрабіць свой пасільны ўнёсак, далучыцца да картаграфавання месцаў, якія трэба прыбраць у рамках акцыі!

Ідэя маніторынгу не новая, як і акцыя, яна бярэ свой пачатак з эстонскай практыкі падрыхтоўкі акцыі.

 

Эстонія: як гэта было

Картаграфаванне смецця было вельмі важным этапам для пачатку самой акцыі, так як у актывістаў не было ні малейшага ўяўлення пра колькасць несанкцыянаваных звалак у краіне.   

Кампанія пачалася з невялікай вобласці ў Эстоніі, тэрыторыю якой ўдолася цалкам «абыйсці» сіламі валанцёраў за адны выхадныя. Здабытая інфармацыя дазволіла атрымаць уяўленне пра тое, наколькі засмечаная краіна, а таксама падлічыць неабходную колькасць людзей, наладзіць камунікацыю з мясцовымі жыхарамі і паказаць ім праблему. Вялікую ролю ў гэтым сыгралі  СМІ, а таксама публічныя справаздачы, якія маглі ўказаць на канкрэтныя месцы са смеццем.

У цэлым, кампанія па картаграфаванню праводзілася на працягу трох месяцаў і ў ёй прыняло ўдзел ля 700 чалавек. Дзякуючы прыкладзеным намаганням атрымалася здабыць важную для  руху інфармацыю. На яе аснове і з мэтай ахапіць як мага больш месцаў і людзей быў распрацаваны спецыяльны мабільны дадатак, які пры дапамозе ўсяго некалькіх клікаў дазваляе дадаць на карту новыя кропкі ў рэжыме рэальнага часу.

Візуальнае адлюстраванне праблемы не толькі заахвоціла мясцовых жыхароў падключыцца да далейшай рэалізацыі мэт «Let's do it!», але і вывесці яе на нацыянальны і міжнарожны ўзроўні. Вядома, былі і тыя, хто з крытыкай ставіўся да гэтага працэсу, лічачы, што ён псуе іміджа краіны, з улікам таго, што пад час картаграфавання месцы гэтыя не прыбіраліся, а назбіралася іх не так і мала — ля 10 тысяч кропак.

Аднак, менавіта дакладныя дадзеныя дазволілі скласці падрабязны план работ і размеркаваць  валанцёраў па кропках, каб за адзін дзень правесці самую глабальную акцыю па ўборцы несанкцыянаваных звалак і сабраць 10 тысяч тон смецця.

 

Калі вы хочаце паўдзельнічаць у картаграфаванні смецця да акцыі «Зробім!», чытайце, як гэта зрабіць.

Калі в хочаце стаць валанцёрам-прыборшчыкам ці арганізаваць сваю прыборку ў межах акцыі, запоўніце адпаведныя анкеты.

Па дадатковых пытаннях звяртайцеся да прадстаўнікоў аргкамітэту:

zrobimbelarus@gmail.com

+375 29 114 15 47 Надзея Дубоўская (установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў»)

+375 29 706 73 11 Стас Гарэлік (фонд «Інтэракцыя»)

+375 29 129 16 10 Ганна Дапшэвічуце (таварыства «Зелёная сетка»)