Як кампанія «EPAM» робіць Мінск і свет вакол сябе чысцей

Нягледзячы на тое, што акцыя «Зробім!» ужо мінула, мы працягваем расказваць вам пра яе вынікі, арганізатараў уборак і ўдзельнікаў. Аднымі з тых, хто актыўна і з імпэтам падключыўся да акцыі з'яўляецца кампанія «EPAM», для якой «Зробім!» стала першым крокам на рэалізацыі іншых сацыяльна-экалагічных праектаў.

Месца пад уборку было выбрана невыпадкова – лес, што прылягае да будынка па вуліцы Купрэвіча, дзе знаходзіцца адзін з офісаў кампаніі «ЕРАМ».

«Побач з намі тэрыторыя чыстая, бо яе прыбіраюць удзельнiкi ПВТ уздоўж трасы – камунальныя службы. А паміж гэтым існуе ўчастак лесу, які як быццам бы і нікому не належыць...», –  распавядае Ганна Лычкоўская, старэйшы менеджэр па персаналу.

Нягледзячы на тое, што ўборка прыпала на выхадны дзень, ды й надвор'е пакідала жадаць лепшага, супрацоўнікі кампаніі з імпэтам адгукнуліся на акцыю, якая б, здавалася, хутчэй паходзіць на ўсім вядомыя суботнікі, чым на карысна-забаўляльны івэнт.

«Сёння ў нас ужо ёсць вопыт, мы разумеем як шмат можа быць смецця і як правільна ўсё зрабіць. Вядома, у наступным годзе мы паспрабуем выступіць масіраванай рэкламнай акцыяй сярод супрацоўнікаў. Тым больш, што  яе ўдзельнікі падзялілiся ўнутры кампаніі сваімі ўражаннямі: як гэта было весела, карысна і якое задавальненне можна атрымаць ад звычайнай уборкі смецця», – кажа Ганна.

Па выніках трохгадзіннай уборкі супрацоўнікі «EPAM» сабралі восем 120-літровых пакетаў з адходамі, у тым ліку 3 поўных пакеты пластыка і 2 пакеты шкла, якія здалi на перапрацоўку.

«У рэйтынгу сапраўды дзіўных знаходак: блакітны тазік, зялёная падушка і цэлы камплект мужчынскай вопраткі, толькі што абутку да яго не хапала. Больш за ўсяго месца заняло будаўнічае смецце: гумовыя шлангі, ржавыя металічныя дэталі ад чагосьці масіўнага, аскепкі састарэлых колб ЛЭП і іншы хлам.

У адным з месцаў мы знайшлі сметнік, які, мяркуючы па этыкетнах, увогуле можна даціраваць 10-гадовай даўнасцю», – дзеліцца Ганна.

Па яе словах, асабліва ўражвала кантраснасць суседства смецця з прыродай, якая ўжо абудзілася – мурашамі і блакітнымі пралескамі.

«У нашым лесе неверагодна прыгожа. Тут жыве мноства птушак, растуць старыя і моцныя дрэвы. Няхай так і застаецца. І хацелася, каб чарговы сезон пікнікоў прынёс толькі пазітыўныя эмоцыі тым, хто адпачыўшы, пасля сябе не пакінуць ні адной пластыкавай бутэлькі тым, хто будзе прыбірацца ў нашым лесе ў наступны раз», – рэзюмуе Ганна.

У цэлым «ЕРАМ» з вялікім імпэтам развівае праграмы сацыяльнай адказнасці, напрыклад, па абароне навакольнага асяроддзя і змяншенню вугляроднага следа. Невыпадкова, што адразу ж пасля «Зробім!» супрацоўнікі кампаніі паўдзельнічалі ў дзвух акцыях – разам з Амбасадай ЗША па ўборцы смецця на рацэ Іслач  і ў цэлым шэрагу ўнутрыкарпаратыўных акцый па ўсiх беларускiх офiсах, прымеркаваных да Дня Зямлі: пасадка дрэваў, ўсталяванне птушыных хатак, азеляненне офiсаў. Такім чынам кампанія развівае валанцёрскі рух сярод сваіх супрацоўнікаў. Акрамя гэтага, у «ЕРАМ» існуе тэматычная суполка ECO-EPAM BY.

Аднак, самы буйны праект, які на сёння рэалізавала кампанія – раздзельны збор смецця на сваім новым офісе.

«На кожным паверсе усталяваны кантэйнеры, якія мы самі прыдумалі і запраектавалі. Для прыцягнення ўвагі супрацоўнікаў мы праводзім рэкламныя кампаніі, робім яркія налепкі. Такім чынам паступова будзем прывучаць іх да гэтай справы, не пакідаючы альтэрнатываў выкідаць адходы бяздумна», – апісвае праект Ганна.

Не застаецца без увагі і ўтылізацыя адпрацаванай камп'ютарнай тэхнікі. «ЕРАМ» мае дамоўленасць са спецыялізаванай кампаніяй «E-Waste», якая здабывае максімум карысці са старога абсталявання, каб як мага менш шкодных элементаў патрапляла на звалкі. За мінулы год такім чынам атрымалася здаць на перапрацоўку 100 адзінак прадукцыі, удакладняе Ганна Лычкоўская.

Вядома, што экапрыязная карпаратыўная культура «ЕРАМ» распаўсюджваецца не толькі на мінскія офісы, у цэлым гэта станоўчая тэндэнцыя кампаніі на міжнародным узроўні, ва ўсіх краінах, дзе яна працуе.

Аўтар: Хрысціна Чарняўская