Кацярына Швяцова, арганізатар ўборкі ў Мінску: «Не люблю бардак ва ўсіх яго праяўленнях»

Як гэта быць арганізатарам сваёй ўборкі, што трэба ўлічыць і чаму не варта баяцца брацца за «брудную» работу, мы вырашылі распытаць у «маладой» актывісткі акцыі «Зробім!» Кацярыны Швяцовай, якая не толькі ўзялася прыбрацца ў лесе ля якога жыве, але і мела грандыёзныя планы на сабранае смецце.

«“Зробім!” — гэта не проста прыбраць за кімсьці іншым, гэта прынесці максімальную карысць»

«Я ўбачыла аб’яву пра акцыю на адным з экалагічных сайтаў. Звязалася з арганзацыйным камітэтам, сказала, што хачу ўдзельнічаць, бо ведаю месца, якое патрабуе ўборкі — лес на Уруччы-2. Мне прапанавалі стаць арганізатарам уборкі на гэтай кропцы...», — распавядае яна.

Ведаючы колькасць і віды смецця ў лесе ля Музея валуноў, у Кацярыны адразу ж з'явіўся план, як зрабіць уборку яшчэ больш карыснай і эфектыўнай.

«Сабраныя раздзельна адходы - шкло, ПЭТ-бутэлькі, металічны лом - я хацела здаць у бліжэйшы пункт прыёму, а атрыманыя за іх грошы перадаць прытулку для сабак, які знаходзіцца пад Мінскам», — дзеліцца актывістка.

На саму ўборку прыйшло ўсяго два чалавекі — дзяўчаты, якія з радасцю падтрымалі такую ідэю. Аднак, па выніку аказалася, што не так складана сабраць адходны раздзельна, як даставіць іх да пункту прыёма і здаць. Утраіх удзельніцы змаглі давалачы мех сабранага лому з лесу да вуліцы Нікіфарава, дзе на скрыжаванні іх ношай зацікавіўся веласіпедыст.

«Мы разгаварыліся, крыху пажартавалі і малады чалавек дапамог данесці мех да прыпынку грамадскага транспарту. Затым мне пашчасціла сустрэць ля крамы чалавека, які назваўся Рыгорам і ўзяўся паказаць «майстар-клас» па тым як даставіць мех да прыёмнага пункту і не надарвацца пры гэтым. Аднак самае вялікае расчараванне чакала мяне менавіта ў самім пункце, бо лом адмовіліся прыняць, апраўдаўшыся тым, што яго папросту няма дзе захаваць», — зазначыла Кацярына.

Актывістка вырашыла так проста не адмаўляцца ад задуманага. І ўзялася распавядаць жаласлівую гісторыю пра гадаванцаў прытулку, для якіх пад час акцыі па ўборкам несанкцыянаваных звалак і збіраўся гэты лом.

«Пасля гэтага мой новаспечаны памочнік Рыгор папаліў, падумаў і ўзяў на сябе адказнасць здаць мех з жалязякамі», — кажа Кацярына.

«Вельмі карысная для грамадства акцыя»

«У час акцыі больш за ўсё мяне ўразіла, што знайшліся аднадумцы... І гэта была моладзь з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Няхай сабе людзей прыйшло няшмат, але сам факт іх існавання мяне вельмі натхняе, — дзеліцца ўражаннямі Кацярына. — Шчыра здзівіла колькасць смецця і будзённая абыякавасць, з якой маладыя мамы з каляскамі шпацыруюць ўздоўж, а часам, і па саміх стыхійных звалках у Музеі валуноў».

Па словах актывісткі, ёй хацелася, каб людзі нарэшце перасталі мысліць стэрэатыпамі кшталту «мы тут усё кінем, а дворнікі прыбяруць — гэта іх праца, а я плачу падаткі», а навучыліся бачыць перспектыву, станавіліся больш сацыяльна адказнымі ва ўчынках. Тым больш, калі пачаць з пошуку станоўчых бакоў для сябе, то апынецца, што іх не так і мала. Напрыклад, уборкі несанкцыянаваных звалак нічым не горшыя за модны фітнес, бо чалавек задзейнічае ўсе групы мышцаў і «заняткі» праходзяць на свежым паветры. Акрамя гэтага, можна тут жа на месцы знайсці новыя і цікавыя знаёмствы, даведацца шмат карыснай інфармацыі пра навакольнае асяроддзе і экапрыязны лад жыцця. Але самае важнае, што можна адразу пабачыць вынік сваіх намаганняў і атрымаць асалоду ад сумеснай працы з людзьмі.

«Яшчэ дадам, што ўдзел у акцыі «Зробім!» — гэта як паказчык таго, што чалавек сапраўды мае стрыжань і сілу волі, мае актыўную жыццёвую пазіцыю. І быць арганізатарам на кропцы не асабліва і складана, ва ўсякім выпадку гэта не патрабуе нейкіх звышненатуральных высілкаў, з гэтым справіцца можа кожны!», — падсумоўвае Кацярына.